У
выставачнай зале Дома рамёстваў “Скарбонка” адкрылася экспазіцыя
рэпрадукцый карцін Мікалая Рэрыха “Са старажытных камянёў цудоўнага
мінулага складзіце ступені будучыні”. Расказвае куратар выставы Алена
Толкач:
— Дадзеная выстава “родам” з Новасібірска, горада-пабраціма Мінска. Там
знаходзіцца музей Мікалая Рэрыха, дзе захоўваецца шмат прац майстра.
Больш за год таму мы рэалізавалі вялікі праект — зрабілі рэпрадукцыі
найбольш вядомых карцін мастака. Работы спачатку былі сфатаграфаваны з
вялікай дакладнасцю, з фіксаваннем самых малых і незаўважных дэталяў, а
потым надрукаваны спецыяльным абсталяваннем на палотнах. Сучасныя
мастакі пастараліся перадаць усе нюансы і пералівы фарбаў, а самае
галоўнае — данесці да гледачоў ідэі, якімі хацеў падзяліцца Мікалай
Канстанцінавіч.
Выстава дзейнічае год. Спачатку яна была прадэманстравана ў Маскве,
затым у гарадах Падмаскоўя. Некалькі месяцаў таму ў рамках
міждзяржаўнага пагаднення выстава прыбыла ў Беларусь. Яе маглі пабачыць
аматары мастацтваў з Мінска, Брэста, Гомеля, Магілёва. Лепель — першы
беларускі райцэнтр, дзе дэманструюцца рэпрадукцыі. Мы рады прадставіць
карціны вялікага мастака лепельскаму гледачу. Спадзяюся, што кніга
водгукаў не будзе пуставаць.
— Якія ідэі прапаведаваў сваімі карцінамі Мікалай Рэрых?
— На гэта пытанне немагчыма адказаць адным сказам. Мікалай
Канстанцінавіч быў шматграннай асобай, праславіўся дасягненнямі ў розных
галінах. Ён быў і географам, і біёлагам, і мастаком, і этнографам, чаго
вартыя хаця б яго цэнтральнаазіяцкія экспедыцыі, першая з якіх
доўжылася пяць гадоў, другая — тры. Пад час падарожжаў Мікалай Рэрых
прайшоў землямі, дзе да яго не ступала нага еўрапейца. Для свету ён
адкрыў Гімалаі, Тыбет і шмат іншых краін і земляў, апісаў іх народы.
Вялікі пласт у спадчыне Рэрыха займае яго філасофія. Многія даследчыкі
біяграфіі Мікалая Канстанцінавіча здзіўляюцца, як ён паспеў дасягнуць
такіх значных поспехаў на працягу жыцця.
Адказ на гэта пытанне, мяркую, варта шукаць у дзяцінстве. Бацька мастака
быў знакамітым юрыстам, адвакатам, высокаадукаваным чалавекам. Іх дом
быў месцам сустрэч і прыёмаў эліты грамадства: мастакоў, гісторыкаў,
кампазітараў, філосафаў. Дзеці раслі ў такім асяроддзі, пранікаліся
самымі высокімі ідэямі. Мікалая Рэрыха змалку вабіла гісторыя, у
гімназічным узросце ён ужо на даволі высокім узроўні ўдзельнічаў у
археалагічных раскопках. Гісторыю ён ведаў настолькі выдатна, што,
малюючы карціны на гістарычныя тэмы, стараўся быць максімальна дакладным
у дэталях, вымалёўваў элементы адзення, зброі, коннага рыштунку. Калі
трэба было, кансультаваўся з гісторыкамі.
Мікалай Канстанцінавіч бясконца верыў у сілу духа славян, у тое, што разам мы зможам пераадолець любыя нягоды і выпрабаванні.
На адкрыццё выставы рэпрадукцый карцін М. К. Рэрыха прыйшлі лепельскія
мастакі, навучэнцы школы мастацтваў. Многія выказвалі шкадаванне, што
гэта не арыгіналы работ мастака. Магчыма, з цягам часу ўдасца пабачыць і
іх, аднак дадзеная выстава, якая будзе працаваць на працягу месяца, —
выдатная магчымасць дакрануцца да творчасці няспыннага вандроўніка,
адкрыць і для сябе штосьці новае, нязведанае.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: перад карцінамі майстра.
Фота аўтара.
http://www.lepel-kraj.by/?p=22693