В выставочном зале Дома ремесел «Скарбонка» открылась экспозиция репродукций картин Николая Рериха
У выставачнай зале Дома рамёстваў “Скарбонка” адкрылася экспазіцыя рэпрадукцый карцін Мікалая Рэрыха “Са старажытных камянёў цудоўнага мінулага складзіце ступені будучыні”. Расказвае куратар выставы Алена Толкач:
— Дадзеная выстава “родам” з Новасібірска, горада-пабраціма Мінска. Там знаходзіцца музей Мікалая Рэрыха, дзе захоўваецца шмат прац майстра. Больш за год таму мы рэалізавалі вялікі праект — зрабілі рэпрадукцыі найбольш вядомых карцін мастака. Работы спачатку былі сфатаграфаваны з вялікай дакладнасцю, з фіксаваннем самых малых і незаўважных дэталяў, а потым надрукаваны спецыяльным абсталяваннем на палотнах. Сучасныя мастакі пастараліся перадаць усе нюансы і пералівы фарбаў, а самае галоўнае — данесці да гледачоў ідэі, якімі хацеў падзяліцца Мікалай Канстанцінавіч.
Выстава дзейнічае год. Спачатку яна была прадэманстравана ў Маскве, затым у гарадах Падмаскоўя. Некалькі месяцаў таму ў рамках міждзяржаўнага пагаднення выстава прыбыла ў Беларусь. Яе маглі пабачыць аматары мастацтваў з Мінска, Брэста, Гомеля, Магілёва. Лепель — першы беларускі райцэнтр, дзе дэманструюцца рэпрадукцыі. Мы рады прадставіць карціны вялікага мастака лепельскаму гледачу. Спадзяюся, што кніга водгукаў не будзе пуставаць.
— Якія ідэі прапаведаваў сваімі карцінамі Мікалай Рэрых?
— На гэта пытанне немагчыма адказаць адным сказам. Мікалай Канстанцінавіч быў шматграннай асобай, праславіўся дасягненнямі ў розных галінах. Ён быў і географам, і біёлагам, і мастаком, і этнографам, чаго вартыя хаця б яго цэнтральнаазіяцкія экспедыцыі, першая з якіх доўжылася пяць гадоў, другая — тры. Пад час падарожжаў Мікалай Рэрых прайшоў землямі, дзе да яго не ступала нага еўрапейца. Для свету ён адкрыў Гімалаі, Тыбет і шмат іншых краін і земляў, апісаў іх народы. Вялікі пласт у спадчыне Рэрыха займае яго філасофія. Многія даследчыкі біяграфіі Мікалая Канстанцінавіча здзіўляюцца, як ён паспеў дасягнуць такіх значных поспехаў на працягу жыцця.
Адказ на гэта пытанне, мяркую, варта шукаць у дзяцінстве. Бацька мастака быў знакамітым юрыстам, адвакатам, высокаадукаваным чалавекам. Іх дом быў месцам сустрэч і прыёмаў эліты грамадства: мастакоў, гісторыкаў, кампазітараў, філосафаў. Дзеці раслі ў такім асяроддзі, пранікаліся самымі высокімі ідэямі. Мікалая Рэрыха змалку вабіла гісторыя, у гімназічным узросце ён ужо на даволі высокім узроўні ўдзельнічаў у археалагічных раскопках. Гісторыю ён ведаў настолькі выдатна, што, малюючы карціны на гістарычныя тэмы, стараўся быць максімальна дакладным у дэталях, вымалёўваў элементы адзення, зброі, коннага рыштунку. Калі трэба было, кансультаваўся з гісторыкамі.
Мікалай Канстанцінавіч бясконца верыў у сілу духа славян, у тое, што разам мы зможам пераадолець любыя нягоды і выпрабаванні.
На адкрыццё выставы рэпрадукцый карцін М. К. Рэрыха прыйшлі лепельскія мастакі, навучэнцы школы мастацтваў. Многія выказвалі шкадаванне, што гэта не арыгіналы работ мастака. Магчыма, з цягам часу ўдасца пабачыць і іх, аднак дадзеная выстава, якая будзе працаваць на працягу месяца, — выдатная магчымасць дакрануцца да творчасці няспыннага вандроўніка, адкрыць і для сябе штосьці новае, нязведанае.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: перад карцінамі майстра.
Фота аўтара.
http://www.lepel-kraj.by/?p=22693